Станцыя Бобр... ідзеш зранку па дарожцы да прыпынку аутобуса і успаміны, успаміны...Некалі ехаў я да бабулі, калі адзін, калі з сябрукамі, пасмоктваючы таннае чарнільца ў сасновым прыдарожным лесе. Да бабулі ехаў, была мэта добра адпачыць, схадзіць на рэчку, па грыбы, па ягады, вечарам касцер, дыскатэка з самагонкай...Эх! Успаміны...А зараз еду на могілкі. На могілкі маіх продкаў ды былой хаты. Даўно ня быў , даруйце...
Адкаркоўваю на прыпынку піва, тушняк. Як хораша падсілкавацца раніцай на прыродзе. Ды надаела гэтае гарадское. На адхіле прыпынку ў ляску бачу зялененькія кусцікі спелай суніцы, набіраю поўныя прыгаршчы сьпелых духмяных ягад і....смаката! Цяжка людзям знайсці працу ў весцы, таму ідзе народ па чарніцы. Вунь стары праехаў на лісапедзе з вядром, адразу ідзе банда мясцовых таксама у лес. Колькі ж яны заробяць? У такую спякоту ягада не нальецца добра, трэ шмат збіраць, дробная зараз ягада...
Нарэшце аўтобус, еду як шмат гадоў таму да дому маіх бацькоў. А навокал, аж сліна цяче- распаханыя палі, сенажаці. Эх, капнуць бы тут, але у мяне сення іншая мэта-пабачыць сваю радзіму. Нажаль у тым годзе ў весцы быў вялікі пажар і цалкам згарэла мая хатка, таму недзе будзе прытуліцца, адпачыць, застаецца толькі канстатаваць факт фотаздымкам. Ды цікава, хто зараз жыве ў весцы, наогул, ці есць там хто жывы, цікава, пабачым...
І вось я на мейсцы. Іду па добрай грунтовай дарожцы. Як усе зарасло... Кустоўі, якія былі ў дзяцінстве ператварыліся ў вялікія дрэвы, не пазнаць нічога, хіба той стары, ганарлівы дуб, дзе мы малыя ў непагадзь хаваліся ад дажджу. А вось і суседняя весачка. Бацькі казалі, што з гэтай вескі мой род. У час калектывізацыі дамовіліся будаваць новыя вескі так як месца не было, цягнулі з шапкі каму заставацца, а каму будаваць хату на полі-будаваць новую веску. Нам выпала новая веска, тая куды я зараз накіроўваюся. Састарэла... Тут у гэтай вескі я сустрэў свае першае каханне, нажаль не ўзаемнае, тут шмат мы выпілі гарэлкі, гулялі-многа было дзяўчат... Час мінуў. Няма нават ужо хаты дзе жыла мая Наталька, перанеслі ў іншае месца. Людзей няшмат, старых пэўна амаль што не засталося, толькі дзеці прыязджаюць на выхадныя ды выкарыстоўваюць хаты пад лецішча.
Могілкі, прывітанне, мае сваякі! Пастаяў, паўспамінаў ля магіл, абарваў залішнюю траву...Прабачце мяне, калі што ня так , дарагія продкі! Няхай зямелька вам будзе пухам, прабачце за ўсе...
Накіроўваюся на першую кропку. Раней там шмат было грыбоў, але зарасло так, што прыйшлося карыстацца навігатарам! Як усе змянілася! не пазнаць тую абкошаную палянку, каля якой ля спрадвечных сосен, елак так шмат расло грыбоў. Ніколі ў свой час не вяртаўся да дому з пустым кошыкам. Крэпкія падліпавікі, чырвоненькія падбярозавікі, стромкія бабкі, масляты ўвосень- мноства грыбоў, а зараз усе так зарасло, што пэўна і ў вільгаць ня будзе іх. Расчахляюся, нажаль нічога не змог знайсці. а я дапушчаў, што тут некалі жылі людзі, высокае месца. так добра адсюль відаць усе наваколле! Нажаль нічога не знайшоў, іду да сябе ў веску.
Хатка...сэрца сціскаецца ад відовішча, раскрадзеная цэгла ад печы, абгарэлыя , чорныя кавалкі зрубу, хлявоў зусім ня бачна, усе павольна зарастае травой...Эх! Вось такое яно -жыцце. Сення так, заутра так, і нічога ты ня можаш зрабіць... Адыходжу...і раптам вокліч " Міша?" Хацеў застацца інкогніта, але не ўдалося! Пазналі мяне, пасядзелі, паразмаўлялі пра жыцце. Крыху жыве веска, старых мала, але прыязджаюць маладыя і тое добра. Набраў вады з калодзежа! Смаката! У такую жарэнь самае то! Адразу наплылі ўспаміны, калі раней прыходзіў з грыбоў, то адразу прыпадаў вуснамі да гэтай празрыстай, гуляючай, прахалоднай вады і піў, піў, піў... І нічога болей ня трэба было, нават самая раскручаная кока кола... Крыніца роднае зямлі- ты неаднойчы ратавала мяне ад смагі- дзякуй, родны кут!
Застаецца няшмат часу. Вырашыў пайсці на былыя хутары. Эх! усе пазарастала, а на полі гарох уперамешку з ячменем-там былі дамы. І невыносна паліць сонца, спека за 30, рой мух нешта ад мяне хоча і накручвае вакол мяне кругі, няма дзе капаць. Зайшоў у лясок дык сучча не дае нават добра махнуць прыборам. Два разы быў уджалены ў шыю нейкім крывасмокам. Вырашыў, што з мяне хопіць прыгод і пятака 1951г. Крыху падсілкаваўшыся рушыў на прыпынак. Па дарозе праз суседнюю веску быў зноў апазнаны нейкім мясцовым хлопцам. толькі потым дайшло , што гэта дзіце знаемага ляснічага. Хлапец прапанаваў паехаць да яго добра адпачыць, паразмаўляць з ім, з бацькам. Я ветліва адказаў, бо не было часу, ды не было ахвоты піць усю ноч. Хлапцу за 20 год, а выглядае як пад 40... П'яны, бачыў яго малым, а зараз выглядае старэй за мяне, хоць розніца між намі 10 год... Співаецца молодзь,..Шкада.
Спека даканае, На прыпынку страшэнна разбалелася галава, добра што ўзяў таблеткі цытрамона. Стаміўся, у аўтобусе выключаюся да самой станцыі. Ну вось і электрацыя. Што ж бывайце, мае родныя мясціны! Да новай сустрэчы! Хутка водпуск і тады добра пакапаем, ня тое што зараз, дый спека-не дай Бог!













